Што такое "коўдра"? "Рэшта"? "Чэрвень"? "Вячэра"?
Дурнаватыя нейкія пытанні, праўда? Ну як можна такога не ведаць? А вось можна. Апытанне ў _лепшых_ класах _моцнай_ гімназіі паказала, што гэтыя словы ведаюць менш за палову вучняў.
Вучняў, якія вымушаны вывучаць беларускую мову па тых жа прынцыпах, што і рускую, ведаць арфаграфію на тым жа ўзроўні, разбірацца ў лінгвістычных тэрмінах.
Мы (маю на ўвазе плюс-мінус аднагодкаў) не разумеем масштабу бяды. Пакаленне, народжанае ў сярэдзіне 80-х, адхадзіла ў беларускамоўную пачатковую школу. Пакаленне, народжанае ў пачатку 90-х, заспела і беларускамоўныя садкі. Мы вучыліся чытаць па-руску і па-беларуску адначасова - зараз усё зусім інакш.
І мову - калі мы ня хочам яе зусім загубіць - таксама трэба выкладаць інакш.
"Пры ўсёй бясконцасці аргументаў за выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове, з адным контраргументам немагчыма не пагадзіцца: “Як нашы дзеці будуць адказваць вам прадмет на мове, на якой яны не могуць звязаць двух словаў?”
"Для большасці людзей, ад якіх чуеш фразу “Я добра валодаю беларускай мовай” - гэта адзіная фраза, якую яны могуць пісьменна сфармуляваць на мове"
"У слоўнікавым запасе вучняў трывалае месца займаюць збольшага тэрміны, якія ніколі і нікому не спатрэбяцца ў стасунках (кшталту дзейніка і выказніка)"
"Варта цалкам адмовіцца ад прысталага да мовы эпітэта “матчына”, бо дзеці тонка адчуваюць хлусню. Беларуская мова мусіць называцца толькі “роднай” (бо калі адварочваешся ад роднага – дык гэта сорамна), або “нацыянальнай мовай беларускага народа”.
"Сучасная праграма па беларускай мове пабудавана так, быццам школьнікі мовай добра валодаюць і размаўляюць на ёй, дык на ўроках настаўніку застаецца раскласці мову па разумовых паліцах. Гэта штодніцкая ўстаноўка. Яна азначае будаўніцтва дома на падмурку, імя якому – пустэча".
Гэта цытаты з артыкула-даследавання, які да Дня роднай мовы падрыхтаваў мой калега. Гэты артыкул ён разаслаў у буйнейшыя ЗМІ, а таксама ў Міністэрства адукацыі. Не атрымаў ніводнага адказа.
І я хачу выправіць гэтую несправядлівасць. Там многа літар, але яно таго варта. Лайк, шэр, рэпост, будзем удзячныя.
https://telegra.ph/Lyub%D1%96c-yak-rodnuyu-vuchyc-yak-zamezhnuyu-da-dnya-Rodnaj-movy-02-28